Адкуль Бярэсце?
Нібыта вёз купец на калёсах свій тавар у Літву ды заграз у багністых балотах. Не выбрацца. Пачаў абдзіраць бяросту і засцілаць ёю гаць. А калі назад з Літвы вяртаўся, пабудаваў на гэтым месцы каплічку. Да той каплічкі, як да святога месца “на бярэсце”, пачалі сыходзіцца людзі. Месца было лёгка ўмацаваць ад ворагаў. Вакол – прыродныя абарончыя равы – рукавы Мухаўца.
І пачалі асядаць тут людзі, пачалі будаваць горад “на бярэсце”
Адкуль Нясвіж?
1.Нясвіж стаіць ужо больш за сем з паловай вякоў. Заснаваў яго князь з роду Рурыкавічаў. А адкуль пайшла назва горада, людзі расказваюць так. Як вядома, любімымі заняткамі князёў у вольны час былі паляванне і розныя там забавы. Навокал княжага замка некалі далёка прасціраліся дрымучыя лясы ды непраходныя балоты. Аднойчы князь разам са сваёй чэляддзю паляваў на мядзведзяў. Адзін звер быў паранены, але ўцёк у гушчар лесу. Праз колькі дзён князь зноў быў на паляванні ў тым баку. Адзін з яго стральцоў знайшоў ужо мёртвага мядзведзя. Князь пад’ехаў да яго, агледзеў ды і кажа: «Ня свеж». Вось і пачалі тое месца называць Нясвіж.
2. На тым самым месцы, дзе цяпер стаіць Нясвіж, было некалі старажытнае паселішча. Але аднойчы тут здарылася няшчасце: паселішча правалілася пад землю. На яго месцы засталіся толькі ўзгоркі ды руіны. Невядома, колькі часу прайшло пасля таго, як тут зноў пасяліліся людзі. Але паколькі месца гэтае было «не свежае» ( бо тут некалі жылі людзі ), дык яго і назвалі Нясвіж.
Адкуль Гомель ?
Там, дзе цяпер стаіць Гомель, пасярэдзіне ракі Сож некалі было намыта шмат пяску. Каб плыты і баркі, што плылі па рацэ, не ўзбіваліся на мель, на беразе каля гэтага месца заўсёды стаяў чалавек і крыкам папярэджваў:
— Го! Мель! Го! Мель!
Вось і пайшло — Гомель.
Адкуль Мiнск?
Між Татарскім канцом і Пярэснінскім мастком, ля самага Віленскага паштовага шляху, некалі пасяліўся славуты асілак-знахар па празванню Менеск ці Менскі і пабудаваў на Свіслачы вялікі каменны млын на сем калёс. Ніхто самога Менеска не бачыў, тым не менш у навакольных мясцовасцях свіслацкай зямлі чуваць былі самыя фантастычныя расказы пра яго сілу. Кажуць, што ў яго млыне мука малолася не з жыта, а з камення, што ўначы чуліся нейкія дзіўныя крыкі, галёканне, песні, музыка і скокі, што апоўначы раз’язджаў ён на сваім млыне па селішчах і набіраў дружыну з харобрых, смелых, дужых людзей, з якіх пазней утварыўся цэлы народ і пасяліўся побач з млыном.
Тут быў заснаваны горад і названы імем волата – Менск.
Адкуль возера Нарач?
У гушчары старых бароў, як сляза, што ўпала з неба, блішчала вялікае возера. Вельмі прыгожае яно было. Расказы пра яго чароўнасць перадаваліся з паселішча ў паселішча і нават у далёкія краіны.
А яшчэ казалі людзі, што ў вёсцы, якая прыляпілася да аднаго з берагоў таго возера, жыла дзяўчына-сіраціна Найрыта, аднавяскоўцы звалі яе Нарай. Вочы яе блакітныя, колеру азёрнай хвалі, заўсёды весела ўсміхаліся. Залацістыя валасы тугой касою абкручвалі галаву. Голас у яе быў высокі і гучны. Бывала, сядзе на беразе пад разлапістым клёнам, дзе збіралася звычайна моладзь, на гусельках грае і спявае. Спачатку голас павольна плыве, а пасля ўзлятае высока і ляціць над узбярэжжам. У гэты час і птушкі змаўкалі. Людзі забываліся пра сваё гора. Аднойчы, калі Нара спявала, праязджаў вёскаю пан, стары ўдавец. Пачуў ён дзівосную песню і загадаў спыніць каня. Слухаў, слухаў і сказаў Нары:
— Прыгожая кветка вырасла ў дзікім краі. Табе толькі спяваць у маіх пакоях.
— Кепская з мяне будзе служанка.
— Ты будзеш гаспадыняй, жонкай маёй.
Вакол Нары сядзелі на зялёнай мураве дзяўчаты і хлопцы. Адзін з іх, чарнявы юнак, падышоў да пана.
— Гэта мая нявеста,— сказаў ён,— а пан няхай сярод паноў жонку шукае.
— Ці не сын ты таго Пятра, што бунтаваў мне народ? — успомніў пан, чырванеючы ад злосці. І залямантаваў: — Узяць яго!
Прыслужнікі звязалі Андрэя і павезлі ў маёнтак. Больш яго ніхто не бачыў. Праз некаторы час пан зноў прыехаў да Нары даведацца, ці згодная яна прыняць з ім шлюб. Дзяўчына зрабіла выгляд, што згадзілася. Тут і дамовіліся пра вяселле.
Надышоў гэты дзень. Злосны вецер гнаў цёмныя хмары, а лес спяваў жалобныя песні. Нара ехала на фурманцы ў маёнтак, у руках трымала пакунак. Сустрэлі яе служанкі. Завялі ў панскія пакоі і апранулі ў шлюбнае адзенне. І Нара выйшла такой прыгажуняй; якія толькі ў казках і бываюць. Пакланілася яна пану ды папрасіла, каб перад шлюбам крышку адной пабыць у пакоях. Пан згадзіўся. Ходзіць ён па двары, на служанак пакрыквае і на дзверы паглядвае.
А Нара тым часам з пакунка дастала смалякі ды падпаліла пакоі адзін за адным. І калі шугануў чорны дым з вокнаў, а на даху заскакалі чырвоныя пеўні, выскачыла праз акно і на сваёй фурманцы, паганяючы каня, памчала ў вёску, на тое месца, дзе з Андрэем часта сустракала ўсход сонца, прыхілілася да клёна і горка заплакала.
Ды тут пачуўся конскі тупат. Панскія служкі! Людзей бізунамі білі. Дапытваліся, дзе Нара.
— Вунь яна! — закрычаў нехта.
— Жывую не возьмеце,— крыкнула ворагам дзяўчына і кінулася да возера.
Цёмныя хвалі з белымі баранчыкамі ішлі адна за адной, а на беразе калыхаўся човен. Той човен, у якім Нара з Андрэем не раз каталіся. Спрытна і ўмела ўхапілася яна за карму і, адштурхнуўшыся ад берага, села ў човен.
— Я адпомсціла, пан, за Андрэйку, за яго бацьку і за ўсіх, хто загінуў ад тваіх рук у тваім маёнтку,— прашаптала Нара.
Ад злосці панскія служкі кінулі гуслі ў возера. А човен адплываў усё далей і далей, потым зусім знік. Усю ноч бушавала возера. Стагналі хвалі…
3 таго часу і назвалі людзі возера імем смелай дзяўчыны — Нарач.
Адкуль пайшлі буслы?
Было гэта вельмі даўно. На зямлі развялося такое мноства гадаў, што не стала ад іх жыцця ні людзям, ні жывёле. І парашыў адзін чараўнік знішчыць гадаў, патапіць у якойсьці бяздонніцы. Сабраў ён іх у вялізны скураны мяшок, завязаў, узваліў на плечы аднаму неразумнаму чалавеку і загадаў укінуць у паказанае прадонне. Як толькі чалавек рушыў з месца, то ўсе гады, якія былі ў мяшку, заварушыліся, засіпелі, засвісталі. І ўзяла чалавека цікаўнасць, што ён такое прэ. Чалавек развязаў торбу ды і аслупянеў ад жаху. Гады ж тым часам вылезлі і распаўзліся ізноў па зямлі. Разгневаны чараўнік не захацеў другі раз збіраць гэтую дрэнь і, накінуўшы на чалавека парожні мяшок, ператварыў яго ў бусла і загадаў збіраць гадаў-уцекачоў усё яго жыццё аж да самай смерці. І ходзіць гэты ператвораны ў бусла чалавек з накінутым на плечы мяшком па лугах, палях, балотах ды збірае гадаў, але да гэтае пары ніяк сабраць не можа. З прычыны сваёй крэўнасці да чалавека гэты пярэварацень не адыходзіць далёка ад людскіх сяліб і мала баіцца людзей.